Печать
E-mail

У Беларусі стартавала Антыядзерная кампанія


24.01.2008 г.
Яе мэта - прадухіліць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі нашай краіны. Першы крок, які зроблены, - адкрыццё афіцыйнага сайта кампаніі - atomby.net. Цяпер каардынатары праекта рыхтуюцца да правядзення канкрэтных акцый.

Адна з ініцыятарак правядзення кампаніі Ірына Агейчык кажа, што антыядзернікі збіраюцца дзейнічаць у некалькіх кірунках: інфармацыйным, навуковым, адукацыйным і палітычным. Актывісты-эколагі плануюць разгарнуць шырокую дзейнасць – ад раздачы буклетаў мінакам на вуліцах да маштабных канцэртаў ды акцый пратэсту. Ірына Агейчык кажа, што на такую працу яе асабіста натхняюць дзіцячыя ўспаміны:

- Заўжды хацелася бачыць сваю краіну прыгожай ды чыстай. Ёсць, вядома ж, і больш дарослая матывацыя - перад тым, як нешта рабіць, варта грунтоўна падумаць пра наступствы. Як кажуць, сем разоў глядзі, а назад не вядзі…

Ініцыятары кампаніі ўпэўненыя, што іх дзейнасць мусіць прынесці плён.

- Я аптымістка. Мяркую, што ўсё ў нашых руках. Галоўнае - каб абыякавых не было.

Адзін з сябраў экспертнай рады Антыядзернай кампаніі, прафесар Георгій Лепін сам колісь правёў у Чарнобылі шэсць год, а потым уваходзіў ва ўрадавую камісію, якая ацэньвала мэтазгоднасць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі:

- Камісія тады адказала на пастаўленую задача так: немэтазгодна будаваць тут АЭС. Было прапанавана на 10 год абвесціць мараторый. Урад прапанову прыняў - і вось праз год сканчаецца тэрмін мараторыя.

Але, на меркаванне навукоўца, па сутнасці рашэнне камісіі за гэты час аніяк не састарэла - будаўніцтва АЭС у Беларусі нельга дапусціць, кажа Георгій Лепін:

- У тым, што намагаюцца задумаць, я не бачу аніводнага плюса. Паўсюль толькі мінусы, літаральна па кожным пытанні. Пачынаючы хоць бы з таго, што тэрыторыя Беларусі мае геалагічныя разломы, так што ўжо лепей не звязвацца з такімі аб’ектамі, як АЭС.

Спадар Лепін кажа яшчэ пра тое, што жыхары Беларусі ўжо маюць дастатковую радыяцыйную нагрузку. Да ўсяго адсутнічаюць спецыялісты, якія бы маглі распрацаваць праект беларускай АЭС. Нарэшце, атамная электрастанцыя вымагае вялікіх сродкаў. Са слоў Георгія Лепіна, толькі на будаўніцтва першага блоку станцыі трэба каля пяці мільярдаў долараў.

« Пред.   След. »