Віктар Івашкевіч: Чарнобыльскі шлях мусіў прывесці Беларусь да іншага
Кампания - Статьи
24.04.2012 10:14

Што думаюць пра стасункі беларускай дзяржавы з ядзернай энергетыкай апазіцыйныя палітыкі? Ці можна нешта істотна змяніць у дзяржаўнай палітыцы адносна “радыяфобіі”, якую падазрае ўлада? Чаму экалогія лічыцца ў нас сацыяльнай сферай, а “Чернобыльскі шлях” даўно займеў імідж палітычна-афарбаванага? Віктар Івашкевіч дзеліцца сваімі развагамі.

Юлія Рымашэўская

Дзяржава ўсё ведае: і што ўсё дрэнна, і што грамадства нічога з тым не зробіць

На думку Віктара Івашкевіча, сённяшняя дзяржава свядома ігнаруе небяспеку вядомага ланцужка: забруджаная глеба – забруджаная сяльгаспрадукцыя з гэтых тэрыторый – спажыўцы забруджанай ежы. Як следства – забруджаныя радыяцыйна арганізмы. Што ўплывае на якасць жыцця чалавека – шматбакова.І пра тое, што гэта галоўная пагроза, бо яна штодзённая, бо кропля за кропляй атручвае арганізм, ствараючы небяспеку і для наступных пакаленняў народжаных - дзяржава ведае. Прынамсі, ведаць можа і павінна. І што з гэтым рабіць, як ратаваць зямлю, як ачышаць харчаванне, як засцерагаць людзей, - такасама ведае. Больш як 20 год.

“У 90-х была прынята беларускімі навукоўцамі адпаведная канцэпцыя. Гэта быў час, калі акурат пачаліся чарнобыльскія шляхі, калі патрабавалі прыняцця адпаведнай праграмы, рэагавання на наступствы аварыі. І праграма была прынята. У ёй прадугледжваўся дазіметрычны кантроль як мера асабістага кантролю кожнага чалавека сваіх земляў і прадуктаў,якія ён спажыае. Прадугледжвалася вывядзенне з карыстання ў сельскай гаспадарцы забруджаных земляў. Адсяленне людзей з тэрыторый, дзе вышэй за 15 кюры на квадратный кіламетр, бо зразумела, што жыць на вёсцы і забараніць сабе дакранаца да ягады ці лісточка, - гэта псіхалагічны стрэс і гэта немагчыма па сутнасці”.

На сённяшні дзень, разважае Віктар, нам быў бы дарэчы пэўны міжнародны кантроль, кантроль пэўнага трэцяга боку. Бо кантраляваць ёсць што: і пытанні бяспекі, і даследванні, якія там праводзяцца. Але найперш павінна быць дакладная праграма, паводле якой можна было б патрабаваць з дзяржавы адпаведнасці праграмы. І на поггляд Віктара, тут – слова за грамадствам..

Грамадзяне павінны дамагчыся, каб улада гэта выконвала. Каб такая праграма – была. Гэта галоўны абавязак грамадзянаў - прымушаць улады рабіць тое, што патрэбна грамадзянам ци. Ну, альбо мяняць уладу, якой абыякава меркаванне грамадства. А ўжо ў дадатак можа быць рознае поле дзейнасці: ад прапаганды экалагічнага мыслення да дапамогі перасяленцам з чарнобыльскай зоны”.

Галоўная праблема Чарнобыля: брак інфармацыі

Віктар адзначае, што інфармацыйная прастора чарнобыльскай праблематыкі мянялася цягам гэтых 26 год некалькі разоў. І змены гэтыя былі наўпрост адлюстраваннем стаўлення да чарнобыльскай тэматыкі Аляксандра Лукашэнкі. “У першыя гады незалежнасці карціна была досыць аб’ектыўнай. Навукоўцам давалі слова столькі, колькі яны маглі сказаць. Гэта былі розныя і разнастайныя крыніцы распаўсюду інфармацыі.

Менавіта тады склалі і апублікавалі мапы забруджвання тэрыторый Беларусі, тады пачалі даследваць, што адбываецца з людзьмі і пачалі адсяленне. Вялася адмысловая праца, каб людзі разумелі, для чаго і чаму гэта, наколькі гэта важна для жыцця: іх і іх дзяцей. І кожны чалавек мог спраўдзіць, наколькі ягоны арганізм насычаны радыяцыяй. Але пачынаючы з 95-га Лукашэнка пачаў засакрэчваць і заяўляць, што ніякіх праблем няма, апроч радыефобіі. Хіба што не выключная карысць ад радыяцыі”.

Менавіта тады і пачалася эпоха замоўчвання чарнобыльскіх праблем і знявагі да чарнобыльцаў: да жывых, да пакуль яшчэ жывых і да нежывых таксама.

Астравец – Чарнобыль: знайдзіце 10 адрозненняў

“У нас сітуацыя абсалютнай закрытасці ўсіх дзеянняў улады ад грамадства. Мы не толькі не здолелі дамагчыся нармальных, адпаведных заканадаўству грамадскіх слуханняў, мы ня толькі не здолелі супрацьстаяць пачатку будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Галоўнае, - што мы не ведаем нічога пра тое, наколькі будаўніцтва адпавядае нарматывам, мы не маем магчымасці гэта спраўдзіць. Наступствы Чарнобыля найперш былі справакаваныя маўчаннем. Тая сакрэтнасць, якой накрыла ўлада ўвесь гэты выбух, калі людзі не ведалі, што на іх галовы асадзілі гэтыя радыёактыўныя абломкі, - вось што ёсць галоўнай прычынай трагедыі.І сённяшняя Беларусь адрозніваецца мала. Мы не ведаем, ці будуюць АЭС адпаведна з нарматывамі нейкімі. Мы наагул ведаем вельмі мала. Але калі карыстацца досведам мінулага, то напрошваюцца чыстыя паралелі: ні там ні тут грамадству слова не давалі, ні там ні тут немагчыма было паўплываць на сітуацыю, ні там ні тут грамадства не мела і не мае кантролю”.

Чарнобыльскі шлях Беларусі мог стацца дарогай зусім у іншае Сёння

“Беларусь постчарнобыльская”, - разважае Віктар, - “праігнаравала відавочную мажлівасць для сябе і свайго іміджу ў свеце. Яна магла стацца сапраўдным сцягам, сымбалем антыядзернага руху. Стацца зялёнай краінай, прыцягнуць і з’яднаць эколагаў, прыхільнікаў устойлівага развіцця экалагічнай думкі… І Чарнобыльскі шлях Беларусі мог бы стацца дарогай у зусім іншае сёння, чым мы жывем. Калі б тыя механізмы, што былі ў нас на пачатку незалежнасці, - развіваліся далей. І постчарнобыльскія праблемы ў сістэме нармальнага сапраўднага самакіраванання вырашаліся інакш, і льготаў чарнобыльцаў пазбавіць было б цяжей і так далей і далей – безліч фактаў і аргументаў .Але страх і зашоранасць мыслення кіраўніцтва дзяржавы не дазволілі перамены да лепшага. Больш звыкла, калі перамены да горшага. Звыкла капіяваць нешта, зробленае іншымі даўно і лепей. Звыкла кіраваць з дапамогай страху, а не матывацыі. Звыкла пагражаць. А магла б… і мела Беларусь усе магчымасці… зрабіць непараўнальны ўнёсак у развіццё свету”.

 
English (United Kingdom)Russian (CIS)

facebookliveinternetvkontakte

Рейтинг@Mail.ru